Інтэрв’ю: Павел Няхаеў (Pavel Ambiont / Nieviadomy Artyst)


IMG_0017_2017_05_19_web

Публікуем арыгінальны тэкст размовы Паўла Няхаева з Наталляй Сакалянскай. Скарочаны варыянт ў рускім перакладзе быў апублікаваны на WebSMI.BY. Інтэрв’ю адбылося восенню 2016.

Як вы прыйшлі да стварэння электроннай музыкі? І чаму менавіта гэты накірунак выбралі?

Электронная музыка, таксама як кнігі ды мае юнацкія заняткі эксперыментальнай фатаграфіяй, сталі для мяне подыхам свабоды ў шэрай паўсядзённасці маленькага горада, дзе нічога ніколі не адбывалася. Сама гэтая музыка спалучае мноства розных культур, людзей і ідэй – і для мяне стала сілай, якая вяла па жыцці, знаёміла з сябрамі, прыводзіла да ведаў. У мяне няма музычнай адукацыі – я сацыёлаг і эканаміст-міжнароднік. Маёй сям’і, нажаль было не да музычнай школы, мы не маглі дазволіць пакупку інструментаў. Але тата з мамай заўсёды любілі музыку, куплялі шмат пласцінак. Тата ў маладосці граў у ВІА, паяў самаробныя гукавыя прылады, добра спяваў. Нажаль, бацькі рана рассталіся – інакш бы я больш паспеў пераняць ад бацькі.

Я пачаў актыўна цікавіцца музыкай дзесьці ў 1993. Збіраў касеты, дыскі, слухаў замежнае радыё пра музыку, якую ў нас было не знайсці, шукаў музычную прэсу. У даінтэрнэтныя часы з гэтым было складана. А калі маеш калекцыю добрай музыкі, то ёй хочацца падзяліцца. Так у 1998 мы з сябрамі пачалі рабіць вечарыны ў нашым горадзе – у Горках. Потым я дыджэіў і ў Віцебску, знаёміўся з музыкамі, дыджэямі і прамоўтарамі з іншых гарадоў Беларусі, ездзіў на рэйвы і канцэрты і за мяжу. У 1999 працаваў у Англіі і пабываў на выступах многіх любімых артыстаў, прывёз торбу пласцінак, CD, кніг і і музычных часопісаў.

З 2003 я ствараю сваю музыку і з той пары не займаюся дыджэінгам. Выступаю са сваёй музыкай з 2008. У тым жа годзе запісаў сумесную кампазіцыю са знакамітым англійскім музыкам Робам Элісам (Pinch), а таксама пачаў выкладаць аўтарскі курс пра сучасную музычную культуру і гукавыя тэхналогіі. У 2010, дзякуючы падтрымцы фестывалю Unsound і некалькіх міжнародных культурных арганізацый, я першым з беларускіх электроншчыкаў выступіў у Нью-Йорку. У 2012 заснаваў інтэрнэт-лэйбл Force Carriers, каб дапамагчы выдаваць музыку іншых беларускіх артыстаў ды ладзіць музычныя падзеі.

З аднаго боку, пра адсутнасць музычнай адукацыі я шкадую, з іншага, разумею, што яно б навязала мне шмат абмежаванняў і стэрэатыпаў пра тое “што можна і чаго нельга”. Многія выпускнікі музычных установаў добра ўмеюць выконваць чужыя творы, але не ўсе здольныя ствараць свае. Да таго ж, ані музычная школа, ані кансерваторыя, не далі б усіх тых актуальных ведаў, якія патрэбны сучаснаму музыку ці мультымедыя-артысту, які спалучае гук і выявы. Акустыка, тэхналогіі апрацоўкі гуку і графікі, веды найважнейшых інтэлектуальных, музычных і культурных рухаў апошніх стагоддзяў, Sound Studies, праца музычнай індустрыі, музычны мэнэджмэнт – усяму гэтаму прыйшлося вучыцца самастойна.

На шчасце, сёння існуе шмат вучэбных матэрыялаў – і падручнікі па музычнай тэорыі для “камп’ютарных музыкаў”, і відэа-ўрокі па праграмах і інструментаў. Я пастаянна працягваю вучыцца. Цяпер, напрыклад, праходжу курс па “крытычным слуханні для гукаінжынераў і прад’юсараў” на адукацыйнай платформе Futurelearn.

11921732_1237021806338316_6876316667131876076_o

Як электронная музыка ўспрымаецца ў Беларусі?

Увогуле, сёння “электронная музыка” не нейкі асобны фенамен. Лічбавыя тэхналогіі запісу і апрацоўкі гуку выкарыстоўвае і поп-музыка, і рок – і авангардна-акадэмічная. Немагчыма ўявіць сучаснае кіно, тэлебачанне, рэкламу без электроннага саўнд-дызайну і адпаведных тэхналогій. Ёсць мноства “гібрыдных” формаў і жанраў музыкі, што спалучаюць электроніку і акустыку. Электронная музыка – даўно не навінка і ў нас. На Беларусь яна прыйшла ў пачатку 90-х, хаця і раней можна было адшукаць нейкія запісы папулярных “мэтраў электронікі”і. З той пары электронныя гукі і рытмы заваявалі больш прасторы, прыхільнікаў. Цяпер у нас многа сваіх добрых музыкаў, праходзяць канцэрты, вечарыны і фэсты ў самых розных стылях – ад папулярнага транса і хаўса, да больш андэрграўндных накірункаў.

Але, як і раней, акадэмічная музычная культура глядзіць на ўсю электронную музыку пагардліва. Існуе стэрэатып, што гэта выключна “музыка для ног” – танцавальна-забаўляльная. Летась я арганізоўваў канцэрт славутай украінскай кампазітаркі Алы Загайкевіч. Яна выкладае электронную, электраакустычную музыку ў Кіеўскай кансерваторыі, арганізуе фэсты і канцэрты, дзе выступаюць кампазітары з розных краін – і розных пакаленняў. Таму Ала вельмі здзівілася, што на Беларусі іншая сітуацыя – электронікі ў кансерваторыі няма, ды і ў філармоніі яе не пачуеш. Але, на шчасце, і ў нас ёсць маладыя кампазітары, якія аднолькава лёгка працуюць як з акадэмічнай і авангарднай музыкай, так і з эксперыментальнай электроннай – гэта Канстанцін Яськоў, Аляксандр Цурко, Вольга Падгайская ды іхныя аднадумцы.

Хто вашы куміры, стваральнікі электроннай музыкі?

Я люблю шмат рознай музыкі, далёка не толькі электроннай – у тым ліку сучасных “класікаў”, напрыклад, Генрыка Гурэцкага, Петэрыса Васкса. У 90-х вельмі любіў праекты FSOL, The Orb, Orbital. Але потым пераслухаў столькі рознай музыкі, што выдзеліць “куміраў” даўно немагчыма. Першыя гады майго ўласнага “гукаробства” адзначаны моцным уплывам “берлінскай школы” тэхна. Эстэтыка мінімалізма – выкарыстанне мінімуму гукавых сродкаў для максімальнага эфекту – блізкая і мне і да сёння. Але я не пурыст і не праводжу межаў паміж тэхна, электра, “класічным” дабстэпам, эмбіентам, танцавальнай музыкай ці медытатыўна-сузіральнай – усе гэтыя элементы можна знайсці ў маёй музыцы. Я пераважна працую ў камп’ютарных праграмах, праўда выкарыстоўваю не толькі сінтэзатары і драм-машыны, але і шумы, флейту. Маю некалькі кампазіцый, дзе выкарыстоўваецца голас – мае вершы па-беларуску спалучаюцца з электроннымі атмасферамі і “палявымі запісамі”.

Адзначу, што я не займаюся эксперыментальнай музыкай – у сэнсе “эксперыменту дзеля эксперыменту”, бо часта такія спробы бываюць занадта тэхнічнымі, цікавымі толькі самому музыку. Мне важны рытм, жывы цялесна-эмацыйны рэзананс, атмасфера, часам яшчэ і расповед нейкай гісторыі.

www.studiowasabi.pl

Ці ёсць рыначны патэнцыял электроннай музыкі ў Беларусі?

Пра эканамічны патэнцыял у працэсе стварэння музыкі не думаецца. Арыентуюся на тое, як гукавыя канструкцыі рэзануюць са мной, маімі творчымі ідэямі. Калі б я арыентаваўся на рынак і тое, чаго хочуць слухачы – прыйшлося б займацца больш папулярнай, камерцыйнай музыкай. Да таго ж, слухачам не заўсёды на самой справе трэба то, чаго яны, на іхную думку, хочуць.

Але эканамічныя фактары вельмі важныя для любога сучаснага музыкі,ды ўвогуле для любога творчага чалавека, які не можа, напрыклад, разлічваць на дзяржаўную ці мецэнацкую падтрымку. Сучасная індустрыя музыкі (нават “падпольнай”, не мэйнстрымавай) працуе так, што артысты зарабляюць у асноўным не продажам запісаў, а канцэртамі, а таксама дзякуючы ліцэнзаванню музыкі для кіно, рэкламы, камп’ютарных гульняў і інш. У нашай жа краіне не прынята набываць музыку легальна. Раней такой магчымасці проста не было, цяпер няма такой звычкі – і неабходнасці, бо амаль любую музыку можна “спіраціць”, альбо знайсці легальныя бясплатныятрэкі і міксы. Плацяць за музыку пераважна калекцыянеры і дыджэі. Таму, электронныя музыкі, у тым ліку беларускія, могуць заробіць у асноўным выступамі.

І гэта праблема, бо клубам прасцей заплаціць дыджэю, які мае доступ да патэнцыйна неабмежаванага аб’ёму чужой музыкі і можа граць “у фармаце” канкрэтнага клуба, бара ці фестываля. Музыкі ж, якія граюць выключна свае творы, па-першае, менш прадказальныя, не будуць падладжвацца пад патрэбы кожнай установы, па-другое, проста не могуць ствараць бясконцы аб’ём заўсёды свежай музыкі, чаго патрабуе клубна-забаўляльная індустрыя. Менавіта таму многія замежныя музыкі вымушаныя станавіцца і дыджэямі.

Добры рок-музыка, што спявае па-беларуску, а асабліва на рускай мове, будзе мець больш-менш гарантаваны попыт і ў сваёй краіне, і ў суседніх пост-савецкіх, а ў скрайнім выпадку можа падпрацаваць выкананнем кавераў. Лёс электронных музыкаў – быць адкрытым усяму свету, шукаць магчымасці замежных выступаў – бо і заробіць і завязаць трывалыя прафесійныя кантакты часцей за ўсё можна толькі там. На шчасце, сама электронная музыка дае такую свабоду, патрабуе быць “на сувязі з светам”.

Але гэта значыць, што трэба займацца асабістым прамоўшанам па поўнай праграме – кантактаваць з клубамі, мэнэджарамі фестываляў, культурнымі фондамі. Трэба ведаць, каму, калі і як правільна падаваць інфармацыю пра сябе. Не кожны да гэтага гатовы, ды і канкурэнцыя ў краінах, дзе ўжо склаліся свае музычныя сцэны і рынкі, вельмі высокая. Таму пакуль толькі адзінкі могуць дазволіць “жыць музыкай” і зарабляць ёю – большасць сумяшчае музыку і штодзённую працу, звычайна ў іншых крэатыўных індустрыях (дызайне, IT і г.д.), час ад часу выступаючы на Беларусі і за мяжой.

CNmUw5TUwAANVRI

Чым адрозніваецца тэхналогія напісання электроннай музыкі і, напрыклад, класічнай?

Залежыць ад канкрэтнага тыпу музыкі і творчых метадаў стваральніка. “Напісанне” – не зусім тое слова. Запіс – больш правільна. Галоўнае адрозненне – стваральнік электроннай музыкі не заўсёды мае справу з нотамі – хутчэй з частотамі. Тэрмін “класічная музыка” усё ж мае прывязку да канкрэтнага гістарычнага перыяду, таму лепш буду казаць пра “акадэмічную” музыку. Кампазітар акадэмічнай музыкі мае справу з пэўнымі акустычнымі інструментамі, кожны з якіх мае свой дыяпазон. І тут існуюць не толькі законы музычнай тэорыі, але і “няпісаныя традыцыі” – як выкарыстоўваць розныя інструменты ў творы. Для электроннай музыкі выкарыстоўваюцца як камп’ютарныя праграмы, так і аналагавыя ды лічбавыя сінтэзатары, сэмплеры, драм-машыны, эфект-працэсары. Інфармацыя аб параметрах гуку фіксуецца не на нотнай паперы, а ў памяці камп’ютара ці музычнага інструмента. Але часам пішацца праграмны код – алгарытм, паводле якога праграма генеруе гук. Многія электронныя музыкі ўвогуле рэдка робяць запісы, аддаючы перавагу жывым імправізацыям.

Сучасныя акадэмічныя кампазітары вельмі часта пішуць музыку не на нотнай паперы, за фартэп’яна, а ў адмысловых праграмах, якія адразу дазваляюць даведацца, як мелодыя будзе гучаць у выкананні таго ці іншага інструменту, ды палягчае напісанне складаных партытур.

Класічная музыка непадрыхтаванаму слухачу падаецца нуднай, а ці трэба рыхтавацца да слухання электроннай музыкі?

Электронная музыка – занадта агульны тэрмін, які ахоплівае не толькі мноства разнастайных “музык”, а таксама гукавое мастацтва, якое знаходзіцца па-за межамі музыкі у вузкім “акадэмічным” разуменні. Электроніка – гэта акіян, у якім многія знойдуць штосьці для сябе – адным будзе дастаткова сёрфіць па паверхні, іншыя ж зацікавяцца тым, якія скарбы можна знайсці на глыбіні. Некаторыя плыні электроннай музыкі з’яюляюцца непасрэдным вынікам эксперыментаў і пошукаў кампазітараў і тэхнікаў-вынаходнікаў апошняга стагоддзя – таму непераадольнай мяжы паміж класікай, авангардам і электронікай проста няма. Калі ёсць цікаўнасць не толькі слухаць, але і чытаць – варта даведацца пра творчыя пошукі такіх кампазітараў як Эрык Саці, Эдгар Варэз, П’ер Шэфер, Яніс Ксенаксіс, Аліўе Месіян, Джон Кэйдж, Карл-Хайнц Штокхаўзэн, Стыў Райх, Філіп Глас. Без іх твораў, тэорый і эксперыментаў сучасная музыка была б іншай – не толькі акадэмічная ці авангардная, але і электронная і нават поп-музыка, якая, у сваю чаргу, шмат чаго бярэ з падпольнай ды эксперыментальнай музыкі.

Тое, што даследчыкі называюць “практыкамі слухання”, увесь час змяняюцца. Сёння мала хто мае такую раскошу – слухаць музыку ўважліва, па-меламанску – на добрых калонках, ці ў слухаўках – сузіраючы, як пераплятаюцца гукавыя карункі. Большасць музыкі цяпер спажываецца ў “фонавым рэжыме”, мабільна – дома пад час паўсядзённых справаў, ці мабільна – у плэеры\тэлефоне ў дарозе, у руху. Але варта ведаць, што некаторыя жанры музыкі проста не створаныя для таго, каб іх слухаць на мабільніку ці ноўтбуку – бо тыя не перадаюць ўсіяго дыяпазону гукаў. Такую музыку варта слухаць ужывую, на канцэртах і рэйвах – бо гэта актыўны экспірыенс у некалькіх “вымярэннях” – не толькі слуханне, але і рух у гукавой плыні.

У кожнага твора ёсць свая канцэпцыя. Ці маглі б вы расказаць, які твор даўся лягчэй за ўсё, а які цяжэй?

Не абавязкова кампазіцыі ствараецца паводле канцэпцыі. Часта яны вырастаюць, выкрышталізоўваюцца з нейкай канкрэтнай гукавой ідэі – рытму, мелодыі, ці цікавага, “смачнага” шуму – часам не заўважаеш, як з невялічай гукавой знаходкі вырастае цэлы трэк. Я звычайна не стаўлю задачу рэалізаваць нейкую канцэпцыю гукавымі сродкамі – інакш вынік можа быць сухім, нежыццяздольным. І назва, і інтэрпрэтацыя музыкі часцей за ўсё прыходзяць пасля, калі трэк завершаны. А канцэпцыі хутчэй працуюць ужо на ўзроўні альбомаў – тады я выбіраю трэкі і гукавыя фрагменты, якія працуюць на агульную ідэю. Слухачу ж пра гэта неабавязкова ведаць, варта пакідаць прастору для іншых інтэрпрэтацый.

Цяжкасці ж звычайна маюць не канцэптуальны, а тэхнічны характар.

118

Для адэкватнага развіцця любога музычнага накірунку патрэбна крытыка. Ці ёсць яна ў нашай краіне?

Сапраўды, для развіцця любой музычнай сцэны вельмі важная музычная крытыка і музычная журналістыка. Нажаль, у нас амаль няма журналістаў, якія спецыялізуюцца не толькі на электроніцы, але ўвогуле добра ведаюць сучасную музыку, арыентуюцца ў сучаснай музычнай культуры як такой. Любая музыка патрабуе добрага ведання кантэксту, гісторыі – і асобнай мовы для апісання, аналізу музыкі. Я заўсёды вельмі цікавіўся музычнай журналістыкай – яшчэ з тых часоў калі ў 90-х чытаў англійскія Melody Maker ды New Musical Express. І сама англамоўная традыцыя музычнай журналістыкі вельмі моцная, і моўныя сродкі апісання і аналізу музыкі распрацаваныя вельмі добра – а гэта важна, бо недастаткова напісаць “падабаецца\не падабаецца”, ды параўнаць адзін гурт з іншым.

Для любой краіны з развітай музычнай культурай і індустрыяй вельмі важны як “высокі” крытычны дыскурс вакол музычнага працэсу, так і паўсядзённы аналіз музычнай прадукцыі. Музычныя медыя – фільтр паміж слухачамі і бязмежным морам музыкі рознай якасці.

Хацелася б, каб у беларускую музычную журналістыку ды крытыку прыходзілі новыя кампетэнтныя людзі. Але разумею, наколькі гэта складаная і няўдзячная справа, бо пры амаль адсутным музычным рынку, крытыкі ды журналістыкі не заўсёды бачаць сэнс у сваёй працы.

IMG_0012_2017_05_19_web

Ці бываюць фестывалі электроннай музыкі?

Так, і не толькі за мяжой, але і ў нас. Праўда, зараз модна называць фестывалямі і проста вечарыны ці канцэрты, а сапраўды маштабныя ды прадстаўнічыя фэсты ўсё ж не такая частая справа, бо яны патрабуюць прафесійнай арганізатарскай працы і нямалых бюджэтаў. У выпадку камерцыйнай музыкі рэалізаваць такія праекты значна лягчэй, а больш “эксперыментальныя” фестывалі патрабуюць падтрымкі з боку культурных інстытуцый ды спонсараў.

З цікавых, некамерцыйных культурна-музычных фэстаў Беларусі я раю наведаць ДАХ, які з 13 верасня 2016 да 13 студзеня 2017 праходзіць ў былой прасторы завода Гарызонт (вул.Куйбышава 22). Фэст дае магчымасць паслухаць дзясяткі беларускіх музыкаў, што працуюць у розных жанрах – ад авангарднай імправізацыі да разнастайнай электронікі, фольку ды паэтычна-музычных эксперыментаў.

Мы ж з сябрамі зараз рыхтуем наступны выпуск фестывалю электроннай і эксперыментальнай музыкі і лайв-відэа-перформансаў Mental Force, які плануем на вясну 2017(відэа-рэпорт пра фэст). Таксама я супрацоўнічаю з адукацыйным фэстам Artes Liberales, у межах якога мы штогод ладзім некалькі канцэртаў – у Галерэі сучаснага мастацтва “Ў” ці ў Мінскім Планетарыі.

Дзе можна пазнаёміцца з вашай творчасцю?

Большасць маёй музыкі можна паслухаць праз асабісты сайт – pavel-ambiont.com, альбо на маім лэйбле, які выдае і музыку іншых беларускіх тэхна-артыстаў – Force Carriers. Відэа-фрагменты выступаў лёгка адшукаць на Youtube. А час ад часу мяне можна паслухаць і ўжывую – на вечарынах і фэстах.

Comments are closed.